ІЗАТО́ПНЫ АБМЕ́Н,

працэс пераразмеркавання ізатопаў якога-н. элемента паміж рэчывамі ў час хім. рэакцый. Напр., калі хлорысты вадарод, абагачаны цяжкім ізатопам хлору, змяшаць з хлорам прыроднага ізатопнага саставу, то ў выніку І.а. хлор абагаціцца цяжкім ізатопам, а хлорысты вадарод збедніцца ім. Выкарыстоўваецца ў хім. даследаваннях для вывучэння элементарных стадый хім. працэсаў (гл. Ізатопныя індыкатары), для канцэнтравання патрэбнага ізатопу і інш.

Пры І.а. адбываецца замена аднаго ізатопу хім. элемента на іншы яго ізатоп у малекулах дадзенага рэчыва з захаваннем іх элементарнага саставу. Рэакцыі І.а. могуць ісці ў гамагенным (напр., у растворы паміж раствораным рэчывам і растваральнікам, у сумесі газаў) і гетэрагенным (напр., паміж цвёрдым ці вадкім рэчывам і нерастваральным газам) асяроддзі. Скорасць працякання І.а. вызначаецца механізмам рэакцый.

Э.А.Рудак.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)